Russian Belarusian English

Телефон/Факс
(801632) 48-2-68

Медстатистика
(801632) 48-1-49

E-mail
glav@bopc.by

Сексологическая помощь

Russian Belarusian English

МГА “Сафія” рэалізавала ў абласной псіхіятрычнай бальніцы “Магілёўцы” праект на 60,5 тысяч рублёў

“Дапамагай людзям, каб яны змаглі ў далейшым дапамагчы сабе самі”, — пад такім дэвізам у Брэсцкай вобласці вось ужо чацвёрты год вядзе сваю дабрачынную дзейнасць міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Сафія”. Спонсарам яго праграм выступае гуманітарная служба Царквы Ісуса Хрыста Святых апошніх дзён (мармонаў), якая дапамагае людзям у розных краінах свету, у тым ліку і ў Беларусі.

Дзякуючы мармонам, гуманітарную дапамогу ўжо атрымаў шэраг устаноў аховы здароўя і сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Брэстчыны. Сёлета ГА “Сафія” аказала матэрыяльную падтрымку абласной псіхіятрычнай бальніцы “Магілёўцы” на суму больш за 60,5 тысяч рублёў.

Як распавёў журналістам галоўны ўрач установы Ю.К.Мазурыч, гісторыя дабрачыннага праекта, накіраванага на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы бальніцы і паляпшэнне якасці знаходжання тут пацыентаў, пачалася прыкладна паўгода таму. У сёлетнім студзені аб’ект аховы здароўя наведалі прадстаўнікі “Сафіі”. Яны на свае вочы ўбачылі, што ўяўляе сабой бальнічны комплекс, які вядзе свой пачатак з 1948 года.

— Безумоўна, на працягу ўсёй сваёй гісторыі бальніца развівалася, па меры магчымасці, наколькі дазвалялі сродкі абласнога бюджэту, удасканальвалася і яе матэрыяльна-тэхнічная база. Але, прызнацца, не ў тым аб’ёме, як нам хацелася б. Апошняя дапамога паступіла нам два гады таму: ужо былыя ў эксплуатацыі ложкі і тумбачкі з абласной туберкулёзнай бальніцы, у якой прайшоў рамонт. Але мы і ім былі рады, бо ўжо тады змаглі мінімізаваць колькасць ложкаў з яшчэ панцырнымі сеткамі… На шчасце, дабрачынцы з “Сафіі” самі пераканаліся, што дапамога нам вельмі неабходная, — распавёў Юрый Казіміравіч.

Нядаўна аб’яднанне паставіла ў бальніцу новую мэблю. А гэта — 123 медыцынскія ложкі з матрацамі, з іх шэсць — шматфункцыянальныя, з падымальнымі спінкамі. Столькі ж закуплена бакавых сценак для ложкаў. Таксама набыта тры спецыяльныя шафы ў палаты для пацыентаў, якія знаходзяцца на прымусовым лячэнні. Праведзена замена і 128 прыложкавых тумбачак.

— Акрамя таго, мы закупілі новую ўстаноўку “Аквамед”, прызначаную для падрыхтоўкі высокаэфектыўных, экалагічна бяспечных і эканамічна выгадных дэзынфікуючых і мыйных раствораў. Устаноўка дазваляе пазбавіцца ад праблем іх набыцця, транспарціроўкі і захоўвання. Для вытворчасці патрэбна толькі два кампаненты — вада і кухонная соль. “Аквамед” працуе ў штатным рэжыме і выдае ў дзень больш за 400 літраў неабходнага раствору. Гэта дазваляе нам часцей мыць і абеззаражваць паверхні, што асабліва актуальна падчас пандэміі. На сённяшні дзень у бальніцы тры такія ўстаноўкі. Падобная буйная гуманітарная дапамога паступіла нам упершыню, за што мы вельмі ўдзячны, — кажа кіраўнік установы.

Па словах выканаўчага дырэктара МГА “Сафія” С.С.Зубовіча, праект, рэалізаваны ў Магілёўцах, — самы буйны сярод запланаваных на 2021 год.

— Хачу заўважыць, што нашы праекты рэалізуюцца за кошт ахвяраванняў, якія паступаюць з розных краін ад простых людзей, гатовых падзяліцца з беларусамі апошняй кашуляй. А гэта, пагадзіцеся, дарагога каштуе! — адзначыў Сяргей Станіслававіч.
Медперсанал абласной псіхіятрычнай бальніцы выказвае глыбокую па-дзяку дабрачынцам і… спадзяецца, што калі-небудзь споўніцца яшчэ адна іх мара.

— Нашы пацыенты, — кажа старшыня прафсаюзнага камітэта Ліка Мікалаеўна Гусак, — займаюцца ў зале ЛФК на старэнькіх трэнажорах. І вельмі хочацца, каб знайшоўся спонсар, які б дапамог правесці рэканструкцыю абсталявання, так неабходнага для рэабілітацыйных заняткаў.

Абласная псіхіятрычная бальніца “Магілёўцы”
размяшчаецца на тэрыторыі ў 24 гектары, дзе маецца і паркавая зона, і тры штучныя вадаёмы.
Функцыянуе сем псіхіятрычных аддзяленняў, размешчаных у асобных карпусах, згодна са спецыялізацыяй аказання псіхіятрычнай дапамогі.
Бальніца абслугоўвае насельніцтва г. Брэста, Брэсцкага, Маларыцкага, Камянецкага, Жабінкаўскага, Кобрынскага, Пружанскага, Бярозаўскага і Івацэвіцкага раёнаў (усяго гэта больш за 650 тыс.чалавек), а аддзяленне прымусовага лячэння абслу- гоўвае ўсю вобласць.
Установа разлічана на 320 ложкаў для псіхічных хворых.

Алена Зялевіч, Кацярына Масік (фота).

На здымку: выканаўчы дырэктар МГА “Сафія” Сяргей Станіслававіч Зубовіч, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі Вадзім Аляксандравіч Кажанкоў, галоўны ўрач Юрый Казіміравіч Мазурыч, галоўная медсястра Наталля Рамуальда Пушкарова.

Карта проезда

Есть вопросы? Спрашивайте!